ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,

выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.

С.І.Палякевіч, А.В.Маслава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)